Адзіныя тарыфы ўстанаўліваюцца «незалежна ад таго, аказваюцца паслугі грамадзянам у агенцтвах па дзяржаўнай рэгістрацыі альбо натарыюсамі», адзначаецца ў паведамленьні.
Там таксама падкрэсьліваецца, што памер тарыфаў «разьлічваўся з улікам эканамічна абгрунтаваных выдаткаў».
Дакумэнт, як заяўляецца, «дазволіць у поўнай меры забясьпечыць рэалізацыю прынцыпу „адно акно“ пры дзяржрэгістрацыі нерухомасьці».
Тэкст указу прэсавая служба Лукашэнкі не апублікавала.
Экстэрытарыяльны прынцып рэгістрацыі нерухомасьці ўведзены законам ад 5 сьнежня 2024 году «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак зь ёю», які набыў моц 11 чэрвеня 2025-га.
9 чэрвеня Савет міністраў прыняў пастанову № 314 (апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 11 чэрвеня), у якой сярод іншага ўдакладняецца, як згаданы закон будзе працаваць на практыцы.
Згодна з законам і пастановай, заяву аб рэгістрацыі нерухомасьці можна падаваць у агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры ня толькі па месцы знаходжаньня аб’екту нерухомай маёмасьці, а ў любое аддзяленьне.
Для рэгістрацыі нерухомай маёмасьці цяпер дастаткова зьвярнуцца да натарыюса, які перадасьць неабходныя для рэгістрацыі або ўнясеньня выпраўленьняў дакумэнты рэгістратару ў агенцтва.
Бакі дамовы, зьвязанай зь нерухомасьцю, могуць зьвяртацца да рэгістратараў у розных населеных пунктах у адзін час і ўзгадняць умовы па відэасувязі.
Акрамя таго, закон падаўжае да 1 студзеня 2028 году тэрмін узаконьваньня самавольна занятых зямельных участкаў («зямельная амністыя»). Раней гэты тэрмін ахопліваў пэрыяд з 1 верасьня 2022 году па 1 верасьня 2025-га.
Што зь беларусамі за мяжой
Беларусы, што жывуць за мяжой і ня могуць вярнуцца на радзіму, баючыся палітычных рэпрэсій, фактычна пазбаўленыя правоў на зьдзелкі зь нерухомай маёмасьцю. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 278 ад 4 верасьня 2023 году, для іх уведзеныя абмежаваньні на ажыцьцяўленьне зьдзелак зь нерухомасьцю і транспартнымі сродкамі (купля-продаж, заклад ды інш.). Даверанасьць на такія зьдзелкі можна аформіць толькі на тэрыторыі Беларусі.
- Паводле даных Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінулі Беларусь пасьля падзей жніўня 2020 году.
- Управа вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс.
- У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспэртаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло зьехаць да 600 тыс. грамадзян.
Форум