Урад мае намер увесьці зьмены ў працу рынкаў. Прапануецца больш строга кантраляваць выкананьне заканадаўства па цэнах. Праект пастановы вынесьлі на грамадзкае абмеркаваньне, піша партал «Зеркало».
Новым дакумэнтам улады плянуюць узмацніць адказнасьць адміністрацыі рынкаў і прадаўцоў за парушэньне патрабаваньняў заканадаўства і парадку працы гэтых гандлёвых пляцовак.
Прадаўцы павінны будуць мець дакумэнт, які «абгрунтоўвае разьлік розьнічных цэн на тавары, кошт якіх рэгулюецца шляхам устанаўленьня гранічных гандлёвых надбавак».
Як вынікае з праекту пастановы, адміністрацыя рынкаў павінна будзе кожны дзень правяраць наяўнасьць неабходных дакумэнтаў у прадаўцоў, сачыць за тым, каб прадаўцы выконвалі ўсталяваныя кошты. Апрача гэтага — разьмяшчаць інфармацыю аб фіксаваных (рэгуляваных дзяржавай) цэнах на тавары.
Ініцыятарам увядзеньня зьменаў выступіла Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ).
Днямі Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях прыняла законапраект, які уводзіць адміністрацыйную адказнасьць за перабоі ў пастаўках плодаагародніннай прадукцыі ў крамы.
Форум