CNN і NYT: удары ЗША ня зьнішчылі ядзерную праграму Ірану. У адміністрацыі Трампа назвалі выцек сакрэтных зьвестак «здрадай»

Дональд Трамп на саміце NATO ў Гаазе, 25 чэрвеня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Папярэднія ацэнкі амэрыканскай выведкі паказалі, што ўдары ЗША па трох ядзерных аб’ектах Ірану ня зьнішчылі асноўных кампанэнтаў ядзернай праграмы краіны, а толькі, імаверна, адкінулі яе на некалькі месяцаў назад.

Як паведамляе «Настоящее время» з спасылкай на CNN и The New York Times, гэтыя высновы грунтуюцца на ацэнцы баявых стратаў, якую правяло цэнтральнае камандаваньне ЗША пасьля амэрыканскіх удараў.

«Першыя высновы супярэчаць неаднаразовым заявам прэзыдэнта Дональда Трампа аб тым, што ўдары „цалкам і беспаваротна зьнішчылі“ іранскія ўстаноўкі для ўзбагачэньня ядзернага паліва. Міністар абароны Піт Гэґсэт таксама заявіў у нядзелю, што ядзерныя амбіцыі Ірану „былі зьнішчаныя“», — адзначаецца ў матэрыяле CNN.

Аднак дзьве крыніцы паведамілі журналістам, што запасы ўзбагачанага ўрану, якія меў Іран, зьнішчаныя не былі. Адна зь іх заявіла, што цэнтрыфугі ў асноўным «не пашкоджаныя». У справаздачы адзначаецца, што ўлады Ірану, імаверна, да нанясеньня ўдараў пасьпелі перамясьціць большую частку запасаў узбагачанага ўрану .

«Згодна з ацэнкай (Выведнага агенцтва Міністэрства абароны), ЗША адкінулі іх назад, магчыма, на некалькі месяцаў максымум», — сказаў адзін з суразмоўцаў выданьня.

Паводле NYT, публікацыя высноваў выведкі ЗША аб няўдалым бамбаваньні сарвала трыюмф Трампа на цяперашнім саміце NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ў нядзелю бамбілі Іран. Што варта ведаць пра (патэнцыйна) пераломную падзею

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп не пагадзіўся з высновамі выведкі: «Фэйкньюс CNN і правальная New York Times аб’ядналіся ў спробе прынізіць значэньне аднаго з самых пасьпяховых ваенных удараў у гісторыі. Ядзерныя аб’екты ў Іране цалкам зруйнаваныя!», — напісаў ён у сваёй сацыяльнай сетцы.

Прэсавая сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што такая ацэнка — гэта спроба прынізіць Трампа.

«Гэтая нібыта ацэнка ёсьць абсалютна няправільнай, яна мела статус „абсалютна сакрэтнай“, але ўсё ж была перададзеная CNN ананімным няўдачнікам нізкага ўзроўню ў выведнай супольнасьці. Выцек гэтай нібыта ацэнкі — яўная спроба прынізіць Трампа і дыскрэдытаваць адважных пілётаў-зьнішчальнікаў, якія бездакорна выканалі місію зьнішчэньня іранскай ядзернай праграмы. Усім вядома, што адбываецца, калі вы ідэальна скідваеце чатырнаццаць 30-кіляграмовых бомбаў на цэль: поўнае зьнішчэньне», — сказана ў заяве Кэралайн Левіт.

Спэцыяльны пасланьнік Трампа на Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф назваў выцек выведных зьвестак аб удары ЗША па Іране «здрадай».

«Гэта абуральна, гэта здрада, і яна павінна быць расьсьледаваная. Хто б ні быў адказны за гэта, ён павінен быць прыцягнуты да адказнасьці», — заявіў ён.

Паводле Ўіткафа, ён прачытаў усе справаздачы аб ацэнцы шкоды, і «няма ніякіх сумневаў» у тым, што ўсе тры ядзерныя аб’екты былі «зьнішчаныя».

Фардо да і пасьля амэрыканскіх удараў

ВПС ЗША нанесьлі масаваны ўдар па ядзерных аб’ектах Ірану ў Натанзе, Фардо і Ісфагане ў ноч на 22 чэрвеня. Для атакі амэрыканскія вайскоўцы выкарысталі 75 высокадакладных кіраваных боепрыпасаў, у тым ліку 14 супрацьбункерных бомбаў GBU-57 — гэта было іх першае выкарыстаньне. Апэрацыя атрымала назву «Паўночны молат».

У МАГАТЭ пацьверділі падземныя пашкоджаньні аб’ектаў, але не змаглі ацаніць маштабаў. Найбольшую трывогу выклікаюць вынікі ўдараў па ядзерным аб’екце ў Фардо.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран спыняе супрацу з МАГАТЭ, якое патрабуе допуску на пашкоджаныя ядзерныя аб’екты краіны