ПАРЭ прызнала Лукашэнку датычным да вывазу ўкраінскіх дзяцей

Дзеці з акупаванага Расеяй Данбасу наведваюць брыгаду спэцназу ўнутраных войскаў (в/ч 3214) у Менску, 2023 год. Фота газэты «СБ. Беларусь сегодня»

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) унесла дапаўненьне ў прынятую рэзалюцыю, у якім гаворыцца, што Аляксандар Лукашэнка нясе адказнасьць за прымусовае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыяў, акупаваных Расеяй.

Рэзалюцыя «Праўныя аспэкты агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны» была прынята 24 чэрвеня, перадае «Позірк».

Папраўку ў яе ўключылі з ініцыятывы Паўла Латушкі — кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) і сябра дэлегацыі Каардынацыйнай рады, напісаў ён у Тэлеграме.

Латушка адзначыў, што папраўка заснаваная на сабраных НАУ доказах. У ёй гаворыцца, што да 14 жніўня 2024 году ня менш як 3500 украінскіх дзяцей былі прымусова перамешчаныя з акупаваных Расеяй тэрыторыяў церазь Беларусь або на яе тэрыторыю.

У Беларусі ім навязвалі расейскія палітычныя, вайсковыя і рэлігійныя ідэі.

«Гэтае перамяшчэньне адбывалася на прамы загад Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыцца ў папраўцы.

Латушка нагадаў, што сабраныя матэрыялы перададзеныя і Міжнароднаму крымінальнаму суду, а таксама пракуратурам Украіны і Літвы.

Раней ПАРЭ з ініцыятывы Латушкі выказалася за неабходнасьць пашырэньня юрысдыкцыі будучага спэцыяльнага трыбуналу за агрэсію супраць Украіны на адпаведныя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі.

Рэакцыя Ўкраіны

МЗС Украіны адзначыла, што «высока ацэньвае» ясныя юрыдычныя фармулёўкі ПАРЭ, асабліва прызнаньне агрэсіі з боку Расеі, Беларусі і КНДР, а таксама фіксацыю «індывідуальнай адказнасьці палітычнага і вайсковага кіраўніцтва гэтых дзяржаваў».

10 чэрвеня Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова — за падтрымку агрэсіі Расеі і ўдзел у вывазе дзяцей.

Дакумэнты пра ўдзел уладаў Беларусі ў перамяшчэньні дзяцей тройчы перадавалі ў Міжнародны крымінальны суд

5 кастрычніка 2024 году быў апублікаваны даклад «Скрадзенае дзяцінства» — сумесная праца Freedom House, «Вясны», BelPol і іншых.

9 кастрычніка прадстаўнік Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) Фадзі эль-Абдала пацьвердзіў, што Беларусь, нягледзячы на тое, што краіна ня ёсьць удзельніцай Рымскага статуту, можа быць прыцягнута да адказнасьці ў межах юрысдыкцыі МКС.

Міжнародны крымінальны суд створаны на аснове Рымскага статуту, які прынялі 17 ліпеня 1998 году 120 дзяржаваў у Рыме. Афіцыйна суд пачаў працу 1 ліпеня 2002 году, пасьля таго як Рымскі статут ратыфікавалі 60 дзяржаваў. Беларусь статут не ўхваліла і юрысдыкцыю суду не прызнае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва патрабуе ад Беларусі 200 мільёнаў эўра кампэнсацыі ў пазове за справакаваны мігранцкі крызіс