Трамп нагадаў Мядзьведзеву пра атамныя падводныя лодкі ў адказ на словы аб падтрымцы Ірану

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэм'ер-міністр Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў (зьлева) на ўрачыстай вячэры на саміце Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі ў Маніле, 12 лістапада 2017 году.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пахваліў амэрыканскія атамныя падводныя лодкі ў адказ на публікацыю былога прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Той заявіў, што іншыя краіны могуць перадаць Ірану свой ядзерны арсэнал.

«Безумоўна, наймацнейшая і найлепшая зброя, якая ў нас ёсьць і якая на 20 гадоў апярэджвае астатніх, — гэта нашы атамныя падводныя лодкі, — напісаў Трамп у сацсеткі Truth. — Гэта самая магутная і сьмяротная зброя з калі-небудзь створаных».

Ён нагадаў пра пасьпяховы удар амэрыканскіх атамных падводных лодак па ядзерных аб’ектах у Іране. Паводле яго слоў, былі запушчаныя 30 крылатых ракет «Тамагаўк» і ўсе 30 «ідэальна трапілі ў цэль».

«Тамагаўкі» здольныя несьці на сабе ядзерныя боегалоўкі, атамныя падводныя лодкі ствараліся як сродак ядзернага стрымліваньня, спачатку супраць Савецкага Саюзу, цяпер супраць Расеі і Кіта.

Гэтак Трамп адрэагаваў на публікацыю Мядзьведзева ў тэлеграме, дзе той раскрытыкаваў амэрыканскі ўдар па Іране.

Мядзьведзеў заявіў, што ў выніку ўдару Іран працягне вайковую ядзерную праграму і створыць ядзерную зброю (Тэгеран існаваньне праграмы адмаўляе).

«Я праўда пачуў, што Мядзьведзеў паабяцаў пастаўляць ядзерныя боегалоўкі Ірану? — удакладніў Трамп. — Ён сапраўды гэта сказаў ці гэта проста плён майго ўяўленьня? Калі ён гэта сказаў, і калі гэта пацьвердзіцца, то, калі ласка, дайце мне знаць НЕАДКЛАДНА».

Прэзыдэнт ЗША даў зразумець, што слова «ядзерны» зьяўляецца забароненым і да яго нельга ставіцца «так нядбайна».

Перадача ядзернай зброі іншым краінам забароненая міжнароднымі пагадненьнямі аб нераспаўсюджаньні. Масква на афіцыйным узроўні выступае супраць распрацоўкі Іранам зброі такога кшталту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран ударыў па амэрыканскіх вайсковых базах у Іраку і Катары


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ў нядзелю бамбілі Іран. Што варта ведаць пра (патэнцыйна) пераломную падзею