Як паведаміла Балканская служба Радыё Свабода з спасылкай на сайт Міністэрства ўнутраных справаў Сэрбіі, сярод затрыманых шэсьць грамадзян, якія, паводле сьледзтва, плянавалі напады на чыноўнікаў і паліцыянтаў, захоп дзяржаўных памяшканьняў, радыё, тэлевізіі і рэдакцыяў мэдыя.
Паводле мясцовых СМІ, гэта колішні старшыня Вайсковага прафсаюзу Сэрбіі Новіца Антыч, палітык Іван Матавіч, капітан у адстаўцы Бранка Мамчылавіч, колішні прапаршчык Відан Коляіч і экс-паліцыянт Срджан Гаёвіч. Імя яшчэ аднаго, з ініцыяламі В. К., невядомае.
Сэрбскія мэдыя падрыхтавалі супольнае расьсьледаваньне, зь якога вынікае, што затрыманыя плянавалі справакаваць натоўп студэнтаў-пратэстоўцаў, якія мусілі стаць асноўнай сілай перавароту, а таксама абмяркоўвалі неабходнасьць парытэту паміж пратэстоўцамі розных поглядаў.
Арышт Антыча пацьвердзіў Балканскай службе Радыё Свабода яго адвакат. У 2023 годзе неназваная заходняя выведка абвінавачвала Новіцу Антыча ў працы на ФСБ, паведамляла выданьне Politico.
Згодна з дакумэнтамі выведкі, Антыча завэрбаваў галоўны рэдактар выданьня «Ветеранские вести» Вячаслаў Калінін. На сайце выданьня напісана, што рэдакцыя актыўна супрацоўнічае зь Мінісэрствам абароны, МУС, Нацыянальнай гвардыяй Расеі, а сам Калінін атрымаў ганаровую грамату ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, паведаміла «Настоящее Время».
Інфармацыю аб сувязях іншых затрыманых з Расеяй знайсьці не ўдалося. Матавіч — рэгіянальны правакансэрватыўны праэўрапейскі палітык, іншыя — вэтэраны балканскіх войнаў.
У Сэрбіі больш за паўгоду працягваецца пратэст студэнтаў супраць карупцыі і палітыкі ўладаў. На масавыя шэсьці ў Бялградзе выходзілі дзясяткі тысяч людзей. Чарговы пратэст плянуюць на 28 чэрвеня. Затрыманы адзін студэнт-пратэстовец Стэфан Томіч паводле падазрэньня ў закліках да негвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу. Прадстаўнікі студэнцтва і апазыцыя асудзілі яго арышт і назвалі гэта ціскам і запалохваньнем з боку ўладаў.
Служба вонкавай выведкі Расеі (СВР) за апошні месяц абвінаваціла сэрбскія кампаніі ў пастаўках сотняў тысяч снарадаў для ўстаноўкі «Град», а таксама ракет і мінамётных боепрыпасаў Кіеву праз пасярэднікаў. У Маскве назвалі гэта «ўдарам у сьпіну».
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч даручыў расьсьледаваць гэтыя абвінавачаньні, а пазьней абвясьціў аб поўным спыненьні вайсковых паставак за мяжу. У траўні лідэр Сэрбіі, якая прытрымліваецца нэўтралітэту ў вайне Расеі супраць Украіны, наведаў Маскву, а ў чэрвені — саміт «Украіна — Паўднёва-ўсходняя Эўропа», які праходзіў у Адэсе.
Форум