Акадэмік Радзім Гарэцкі нарадзіўся 7 сьнежня 1928 году ў Менску. Ён быў сынам аднаго з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі Гаўрылы Гарэцкага, пляменьнікам клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, расстралянага бальшавікамі. Бацьку Радзіма Гарэцкага камуністы двойчы асуджалі на сьмерць, але ўрэшце замянілі прысуд на лягеры і ссылкі. Дзяцінства і юнацтва будучага акадэміка прайшло ў высылцы — у расейскай глыбінцы: Туломе Мурманскай вобласьці, Мядзьвеж’егорску (Karhumägi) у Карэліі.
Радзім Гарэцкі скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут, там жа абараніў доктарскую дысэртацыю, пасьля чаго працаваў ў Геалягічным інстытуце Акадэміі навук СССР.
Толькі ў 1969 годзе Радзім Гарэцкі зь сям’ёй вярнуўся ў Менск. Усё жыцьцё займаўся навуковай дзейнасьцю, быў дырэктарам Інстытуту геахіміі і геафізыкі, віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук. Гарэцкі — аўтар 515 навуковых працаў і больш як 300 навукова-папулярных выданьняў, у тым ліку 46 манаграфіяў і 41 геалягічнай мапы. Поруч з навукай, Радзім Гарэцкі актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю. З 1993 па 2001 гады ўзначальваў Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
Памёр Радзім Гарэцкі на 97-м годзе жыцьця 22 чэрвеня 2025 году.
«На такіх асобах, як Гарэцкі, трымаецца нацыя»
Журналіст Сяргей Навумчык на пачатку 1990-х, калі Беларусь абвесьціла незалежнасьць, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Ён узгадвае, што самым моцным аргумэнтам супраць незалежнасьці (як здавалася яе праціўнікам) тады было тое, што Беларусь, маўляў, бедная і нічога ня мае.
«Мелася на ўвазе — няма нафты, газу, вугалю, увогуле карысных выкапняў. Сам па сабе аргумэнт сьмешны (скажам, Японія не вызначаецца прыроднымі рэсурсамі), але ён спрацоўваў. І вось недзе ў канцы 1990 ці пачатку 1991 году Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі прыйшоў да нас у 363-ці пакой Дому ўраду, замацаваны за Апазыцыяй БНФ, і прачытаў двух- ці трохгадзінную лекцыю пра тыя багацьці, што ёсьць у нетрах Беларусі. Я тады зрабіў прэс-рэліз і раздаў дэпутатам-камуністам. Паколькі гэта былі словы акадэміка, эфэкт быў моцны», — узгадвае Сяргей Навумчык.
Ён сам, ягоная сям’я шмат зрабілі для Беларусі — і бацька, выбітны навуковец, акадэмік Гаўрыла Гарэцкі, і дзядзька, пісьменьнік Максім Гарэцкі, якога расстраляў НКВД. Радзім Гарэцкі дасягнуў найвышэйшага прызнаньня ў навуцы — акадэмік, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук.
«Радзім Гаўрылавіч мог пазіраць на ўсё, што адбывалася ў пачатку 1990-х, з алімпійскім спакоем, і яму ні слова папроку ніхто б не сказаў. Але ён далучыўся да нацыянальнага Адраджэньня, і ня ў ролі „вясельнага генэрала“ — працаваў у Згуртаваньні беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“, быў даверанай асобай Зянона Пазьняка на выбарах у 1994-м, дапамагаў ствараць эканамічныя і іншыя праграмы БНФ, рыхтаваў Усебеларускі зьезд за незалежнасьць у 2000-м. Ён быў, як гэта называла старое пакаленьне эмігрантаў, „моцны беларус“. На такіх асобах, як Гарэцкі, і трымаецца нацыя», — дадае Навумчык.
«Мова як нацыянальны код»
Палітык Аляксандар Мілінкевіч кажа, што для яго Радзім Гарэцкі — чалавек бясконца дарагі, вельмі сьветлы, лёгкі ў зносінах.
«Як толькі гэты чалавек зьяўляўся на нейкую сустрэчу, дыскусію, — усе зьвярталі на яго ўвагу, слухалі, што ён скажа, заля замаўкала. Ён быў аўтарытэтам. Найперш Гарэцкі быў выбітным навукоўцам: яго навуковых працаў хапіла б, каб трапіць у энцыкляпедыі і застацца ў гісторыі. Я заўсёды вельмі зьдзіўляўся: калі ён знаходзіць час, каб столькі зрабіць? Ён быў працаголікам, меў вялікае натхненьне. Яго страшэнна цікавіла наша гісторыя, культура, мова, на ўсё ён меў сваю думку. Але яшчэ больш ён быў заўважны ў сваёй грамадзянскай пазыцыі, у сваёй грамадзкай дзейнасьці», — кажа Аляксандар Мілінкевіч.
З словаў палітыка, Радзім Гарэцкі добра разумеў, што мова — фундамэнт ня толькі нацыянальнай ідэнтычнасьці, сьвядомасьці, мова — і нацыянальны код для кожнага народу. На гэта найперш паўплывала сям’я, якая шмат зрабіла для беларускага адраджэньня і пацярпела ад сталінскіх рэпрэсіяў, перакананы Мілінкевіч.
«У Радзіма Гаўрылавіча было фантастычнае пачуцьцё часу. Ён заўсёды паўтараў, што ў яго адказнасьць перад тымі, хто быў да нас, і перад тымі, хто прыйдзе пасьля нас. Пераемнасьць пакаленьняў для яго ня проста словы, а прынцып дзейнасьці, мысьленьня.
Калі ён быў віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук пасьля распаду Савецкага Саюзу, выступаць адкрыта на баку адраджэньня, дэмакратыі, на баку тых людзей, якія будуюць новую Беларусь — было небясьпечна. Але ён не хаваў сваіх поглядаў. Для мяне ён перш за ўсё глыбокі беларускі патрыёт, які служыў радзіме, які бясконца любіў Беларусь.
Ён быў магутным чалавекам, „апошнім з магіканаў“, з тых людзей, якія большую частку жыцьця пражылі ў Савецкім Саюзе, але змагаліся за Беларусь, якую мы і зараз будуем. На такіх постацях трымаецца наша вера, воля», — кажа Аляксандар Мілінкевіч.
Беларуская мова і прадпрымальнасьць
Вольга (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) ў сярэдзіне 1980-х прыйшла працаваць у тагачасны Інстытут геахіміі і геафізыкі Акадэміі навук малодшым навуковым супрацоўнікам па разьмеркаваньні, пасьля вучобы ў БДУ.
«Трапіць ў акадэмічны Інстытут геахімі і геафізыкі ў той час — гэта была страшэнная ўдача! Там працавалі легендарныя асобы: узначальваў Інстытут акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, загадчыкам лябараторыі літаграфіі і геахіміі быў акадэмік Аляксандар Сямёнавіч Махнач, які пакінуў высокую пасаду віцэ-прэзыдэнта АН і вярнуўся „ў поле“, у той час доктарскую дысэртацыю абараняў Махнач-малодшы — Анатоль (які пазьней стаў дырэктарам Інстытуту). Але як душэўна і цёпла гэтыя жывыя легенды ставіліся да моладзі — як да роўных!» — узгадвае Вольга.
Суразмоўца адзначае дзьве адметнасьці, якімі тады вызначаўся Інстытут — беларуская мова (кіраўніцтва размаўляла па-беларуску, справаводзтва вялі на беларускай мове) і прадпрымальнасьць — уменьне дырэктара знайсьці праекты, «гаспадарчыя замовы», дзякуючы якім заробкі ў навуковых супрацоўнікаў інстытуту ў тыя няпростыя і бедныя гады былі прыстойныя.
«Я нібыта і ведала беларускую мову, але геалягічнай тэрміналёгіяй не валодала. Крыху старэйшыя за мяне калегі пачалі мяне „троліць“: „Як па-беларуску будзе „полезные ископаемые“?» Калі я пачула, што «выкапні», падумала, што яны кпяць зь мяне. А яны працягвалі жартаваць з «салагі».
Аднойчы сваімі жарцікамі давялі мяне амаль да сьлёз. Пра гэта даведаўся Радзім Гаўрылавіч. Прыйшоў да нас ў лябараторыю, «пастроіў» тых «разумнікаў» вельмі тонка: пачаў пытацца ў іх пра іншыя тэрміны, задаў колькі падступных пытаньняў пра гісторыю. А мяне абняў, узгадаўшы нейкую цёплую душэўную беларускую прымаўку…
І яшчэ. Калі ў навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук былі заробкі па 110–130 рублёў, наш інстытут меў шмат так званых «гаспадарчых дамоваў» — дзякуючы аўтарытэту і асабістым якасьцям Гарэцкага. Да таго ж мы ж езьдзілі ў экспэдыцыі, атрымлівалі даплаты за «разьезды» — «геоляг ня можа быць галодным». Але самае галоўнае — менавіта атмасфэра ў інстытуце: павага да маладых, капусьнікі, сьвяткаваньні Дня геоляга. Гэта былі найлепшыя гады ў маім жыцьці», — узгадвае Вольга працу пад кіраўніцтвам акадэміка Гарэцкага.
Форум