Трамп ня раз абвінавачваў эўрапейскіх хаўрусьнікаў у тым, што яны мала выдаткоўваюць на абарону ў параўнаньні з Злучанымі Штатамі, і нават падымаў пытаньне аб выхадзе ЗША з альянсу.
Вынікам сустрэчы, як чакаецца, стане абавязак сябраў NATO да 2035 году павялічыць выдаткі на абарону да 5%. Квота будзе падзеленая на дзьве катэгорыі: 3,5% пойдуць на ўзбраеньне, а 1,5% — на «ўстойлівасьць», пад якой маюцца на ўвазе і такія пазыцыі, як кібэрбясьпека і дапамога Ўкраіне.
«Эўропа будзе плаціць колькі належыць, і гэта будзе ваша перамога», — напісаў генэральны сакратар NATO Марк Рутэ ў лісьце да Трампа, які прэзыдэнт ЗША апублікаваў у сацыяльных сетках 24 чэрвеня, перш чым вылецець з Вашынгтону ў Нідэрлянды.
Сябры NATO маюць пацьвердзіць свой абавязак забясьпечыць узаемную абарону пры нападзе звонку
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перад вылетам на саміт NATO на пытаньне журналістаў, ці падтрымлівае ён абавязаньне NATO паводле артыкула 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы абараняць кожную краіну-сябра, на якую напалі, адказаў:
«Залежыць ад вашага азначэньня. Існуе мноства азначэньняў 5-га артыкула». Ён дадаў: «Я адданы ратаваньню жыцьцяў. Я адданы жыцьцю і бясьпецы. І я дам вам дакладнае азначэньне, калі прыбуду туды».
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, камэнтуючы гэтую заяву, выказаў упэўненасьць у адданасьці ЗША альянсу і 5-му артыкулу, паводле якога ўзброены напад на аднаго чальца NATO разглядаецца як напад на ўсіх.
Трамп ня раз ставіў пад сумнеў гэты прынцып. У лютым 2024 году ён выказаўся наконт таго, што было б, калі б Расея напала на краіну NATO, якая не выконвае сваіх абавязкаў у выдатках на абарону:
«Я кажу: „Вы не плацілі? Вы парушальнік?“ Ён сказаў: „Так, дапусьцім, што гэта адбылося“. Не, я б не абараняў вас. Насамрэч, я б заахвочваў іх рабіць усё, што ім заманецца. Вы павінны плаціць», — заявіў Трамп.
У лютым 2025 году Трамп сказаў, што падтрымлівае 5-ы артыкул Паўночнаатлянтычнай дамовы, але лічыць, што ён не спатрэбіцца.
Кіраўніца замежнай палітыкі ЭЗ Кая Калас сказала ў інтэрвію цэнтральнай службе Радыё Свабода, што саміт у Гаазе прысьвечаны толькі адной тэме — павелічэньню выдаткаў на абарону. Гэта дазволіць павялічыць і падтрымку Ўкраіны.
«У нас ёсьць розныя ініцыятывы, напрыклад, ініцыятыва у справе 2 мільёнах снарадаў, дзе 80 працэнтаў ужо выканана, — сказала яна. — Такім чынам, мы стараемся рабіць больш. Вядома, мы ня можам запоўніць пустку, якую пакідаюць ЗША, але мы спрабуем зрабіць свой уклад».
Саміт, які напачатку меркавалі праводзіць тры дні, скарацілі да вячэры з каралём Нідэрляндаў і працоўнай сустрэчы, на якую адвялі менш за тры гадзіны.
Чакаецца, што Дональд Трамп сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім.
Украіна хоча закупіць амэрыканскую зброю, у тым ліку сыстэмы СПА. Трамп раней выступаў супраць дапамогі Ўкраіне, але цяпер гатовы абмяркоўваць продаж такой зброі.
Украіна таксама патрабуе новых санкцыяў супраць Расеі, каб прымусіць Крэмль сесьці за стол перамоваў.
Адміністрацыя Байдэна на дапамогу Ўкраіне выдаткавала 175 млрд даляраў. Адміністрацыя Трампа — 0.
Форум